ГАЛО́ЎНАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ АН Расіі, Пулкаўская абсерваторыя, навукова-даследчая ўстанова на Пулкаўскіх вышынях (75 м над узр. мора), за 19 км на Пд ад Санкт-Пецярбурга. Арганізавана В.Я.Струвэ, які быў яе першым дырэктарам (да канца 1861). Пабудавана паводле праекта арх. А.П.Брулова. Адкрыта ў 1839.

Асн. кірункі работ: стварэнне абс. каталогаў месцазнаходжання зорак, назіранне падвойных зорак, вызначэнне зорных паралаксаў. Каталогі мелі вял. дакладнасць; упершыню вымераны паралакс зоркі (λ Ліры; 0,125″ ± 0,055″; Струвэ, 1837). Асн. абсталяванне: 65-см рэфрактар, гарыз. мерыдыянны інструмент, фатаграфічная палярная труба, зеніт-тэлескоп, зорны інтэрферометр, 2 сонечныя тэлескопы, каранограф, меніскавы тэлескоп Максутава, вял. радыётэлескоп і інш. Галоўная астранамічная абсерваторыя выдае «Працы» (з 1893), «Весці» (з 1907), «Сонечныя даныя» (з 1954), «Бюлетэнь службы часу» (з 1955) і інш. Перадае сігналы дакладнага часу з 1920. Вядуцца даследаванні па астраметрыі, астрафізіцы, радыёастраноміі, пазаатмасфернай астраноміі і інш.

Я.У.Чайкоўскі.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)